Паводле Мацьвея, разьдзел 9
- І Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў у Свой горад.
- І вось, прынесьлі да Яго паралізаванага, пакладзенага на пасьцелі. І ўбачыўшы веру іхнюю, Ісус сказаў паралізаванаму: мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі.
- І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзьнерыць.
- А Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў: навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых?
- бо што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі», альбо сказаць: «устань і хадзі»?
- Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — тады кажа паралізаванаму: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі дахаты.
- І той устаў, узяў пасьцель сваю, і пайшоў дахаты.
- А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.
- Праходзячы адтуль, убачыў Ісус чалавека, што сядзеў на мытні, якога звалі Мацьвей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў за Ім.
- І сталася, калі Ісус узьляжаў у доме, вось, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзьлеглі зь Ім і вучнямі Ягонымі.
- І ўбачыўшы гэта, фарысэі сказалі вучням Ягоным: навошта Настаўнік ваш есьць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?
- А Ісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
- ідзеце, навучэцеся, што азначае: «міласьці хачу, а не ахвяры», бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.
- Тады прыходзяць да Яго вучні Янавыя і кажуць: чаму мы і фарысэі посьцім многа, а Твае вучні ня посьцяцца?
- І сказаў ім Ісус: ці могуць засмучацца сыны харомаў шлюбных, пакуль зь імі малады? Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца.
- І ніхто не прышывае латкі зь нябеленага палатна да старой адзежыны; бо зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.
- Ня ўліваюць таксама віна маладога ў мяхі старыя; а інакш дзяруцца мяхі, а віно маладое ўліваюць у новыя мяхі, і зьберагаецца і тое і другое.
- Калі Ён ім гэта казаў, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна будзе жыць.
- І ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.
- І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай,
- бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею.
- А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе. І выздаравела жанчына з таго часу.
- А як прыйшоў Ісус у начальнікаў дом і ўбачыў жалейнікаў і зьбянтэжаны люд,
- сказаў ім: выйдзіце; бо не памерла дзяўчына, а сьпіць. І насьміхаліся зь Яго.
- Калі ж людзі былі высланы, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчына ўстала.
- І разьнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.
- І калі ішоў адтуль Ісус, ішлі за Ім двое сьляпых і крычалі: памілуй нас, Ісусе, Сыне Давідаў!
- І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!
- Тады Ён крануўся вачэй іхніх і сказаў: па веры вашай хай будзе вам.
- І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Ісус: глядзеце, каб ніхто не даведаўся.
- А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.
- Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
- І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі ня было такога явішча ў Ізраілі.
- А фарысэі казалі: сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.
- І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і па селішчах, вучачы ў сынагогах іхніх, прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.
- Бачачы людзей, Ён умілажаліўся зь іх, бо яны былі зьнясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастуха.
- Тады кажа вучням Сваім: жніва многа, ды работнікаў мала;
- дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.
|
Выбор перевода и языка
|